Sunday, March 2, 2014

ЛУКА МУДЗІШЧАЎ - ПРЭЗЫДЭНТ



Вядзьмак Лысагорскі


Наш прэзідэнт Лука Мудзішчаў
(Даруй нам, Пушкін, вольны тон)
Меў дужа грозныя вусішчы
І надта сіплы барытон.
Ён быў дырэктарам саўгасу –
Надойваў рэкі малака,
Даваў дзяржаве бульбу, мяса…
“Чырвоным панам” быў Лука.
Умела кіраваў? Няўмела?
Хай скажуць курыца і гусь.
Ды думка ў галаве засела:
“Я осчастлівлю Беларусь”.

І вось без дапамогі таты
(Пра тату ён не ўспамінаў)
Лука пралез у дэпутаты,
Трыбуну спрытна асядлаў.

О, наш Лука мастак-прамоўца!
Паслухаць – чысты Цыыэрон!
Па-беларуску ж ані слоўца
Ня ўмеў на мове шпарыць ён.

Хоць, праўда, у Вярхоўнай Залі,
Як БНФ крытыкаваў,
Грымеў Лука: “Яны ка-а-залі!,,”
Пра што казалі – не казаў.

Падохлі сьвіньні. Мруць каровы.
Чым ашчасьлівіць свой народ?
І супраць беларускай мовы
Мудзішчаў аб’явіў паход.

Хоць як падумаць – сьмех дый сорам.
З кім ваяваць Лука гатоў?
Мудзішчаву ж ледзь-ледзь за сорак,
А МОВЕ – тысячы гадоў.

Жрэ беларускія каўбасы,
Па-беларуску ж ні гу-гу.
Ды за такое б папуасы
Яго пусьцілі б на рагу.

Злысеў – так грыз граніт навукі,
Аж дзьве закончыў ВЭ-НЭ-У,
А як узяў уладу ў рукі,
Спыніўся конь. Ні тпру, ні ну.

Затое сябра ён у Боры,
Бо Ельцын “старшій брат родной”.
І ўсе Славянскія Саборы
Ваююць за Луку сьцяной.

Курс геаграфіі асіліў
І ўсяму сьвету далажыў,
Што нарадзіўся ён з Расіяй
На самай-саменькай мяжы.

У паклоне пазваночнік хруснуў
І сьлёзы шчасьця пацяклі.
І стаў Лука надзіва “рюскім”,
Русей за Бору ў Крамлі.

Хоць лысы, але ўсё ж ня Ленін.
Вянец табе – САЎГАСНЫ ДВОР.
І тут лірычным адступленьнем
Аздобіць хочам мы свой твор.

Будзь ты хоць цмокам трохгаловым,
З каронаю на галаве,
Дарэмна зьдзекуешся з МОВЫ –
Яна цябе перажыве.

Яна, цярплівіца сьвятая,
Свой ясназорны пройдзе шлях,
Цябе растопча, не спытае –
А хто там блытаўся ў нагах?

Бо не прывыкла МОВА плакаць,
Стварыла столькі цудаў-дзіў,
Калі шчэ ты за вугал какаць
У мокрых штоніках хадзіў.

Давеку Шкловам застанецца
Наш беларускі горад Шклоў,
Хоць можаш ты сваім указам
Шклоў перайначыць у “Стеклов”.

Бо за цябе (сабе на згубу)
Галасавалі (“слава всем!”)
Не восемдзесят тры, як трубіш,
А пяцьдзесят (і толькі) сем.

Што ж, весяліся. Стаў свой нумар.
Ды знай – прыходзіць, як вясна,
Народны беларускі гумар –
І хохмачкам тваім хана.

Гані людзей у свой фарватар
І разьдзімай, як Сталін, вус,
Галоўны наш русіфікатар,
Галоўны антыбеларус.

Дайшлі да кропкі мы. Да “точкі”,
Як кажаш ты, наш гаваркі.
Цалуй пісклявым дамам шчочкі.
Еш з запаведніка грыбкі.

Мы незалежнасьць сваю цэнім,
Сабе паны мы і князі.
А ты ў расею “на каленях”
Паўзі, як вуж, як смоўж, паўзі.

Тваіх “речей” зубадрабілкі
Абрыдлі. Гэта хоць “поймі”.
Не Беларусь, карову Мілку
Хоць раз уволю накармі.

Вядзьмак Вядзьмарыч Лысагорскі
Свой абвяшчае прыгавор:
“Чым па трыбунах зраньня гойсаць,
Абгарадзі ўласны двор.

Хоць ты кіпіш-гарыш на працы,
Хоць ты адзін “умнее всех”,
Зь цябе народ пачаў сьмяяццца,
Не забароніш гэты сьмех!”

Над Беларусяй вецер сьвішча.
Пасохлі бульба і авёс.
Наш прэзідэнт Лука Мудзішчаў
Садзіцца ў чорны членавоз.

Лука Маскву абагаўляе
І любіць розныя СС.
Ды пра сябе не забывае:
Мяняе “ЗІЛ” на “Мэрсэдэс”.

Дызайн у “Мэрса” адмысловы
І “дзвесьце с лішнім он даёт”,
Сваю ж уласную ахову
Ён пашырае да трохсот.

Народа ён свайго баіцца
І на яго абрушыў гнеў.
Так, ведае Мудзішчаў-гіцаль,
Як кот, чыю сьмятану зьеў.

З Эўропаю Лука ня ладзіць –
“Там незгаворчывый народ”.
І ён свае вусішчы ладзіць,
Як кот на сала, на Ўсход.

Зусім другія там парадкі:
Як скажаш – так таму і быць!
На людзі выйдзеш – б’юць у ладкі,
Гатовы на руках насіць.

На Ўсход Мудзішчаў прылятае,
Наш напаўрускі краснабай.
І хто ж яго там сустракае:
Вялікі хан? А можа – Бай?

Там тытулаў на Усходзе многа:
Хан, бай, басмач ды курбашы.
А ў нашага Лукі – нічога,
Хоць лысіну сваю чашы!

І вось Лука ва Ўзбекістане.
Яго Карымаў – “Мілый брат”.
За руку ў стан свой ханскі цягне,
Напяльвяючы свой халат.

Паўсюль Мудзішчаву пашана:
(Мы гэта кажам без прыкрас)
Ён усьміхаецца з дыванаў,
Насовак, хустак, кубкаў, ваз.

І я скажу без прымхаў ценю:
Ва ўсе бакі, туды, сюды,
Глядзіць, як ёсьць, “дзядуля Ленін”,
Хоць і зусім без барады.

Але ж ні ханам, ані баем
Зрабіць ня могуць там Луку.
Бо той як дзякаваць ня знае:
“Рах-мат”, або “Марс і Баку”.

Ён не вучыў узбецкай мовы.
Яна ж ня з тых “вялікіх двух”.
Яе ня ведаюць каровы,
Не карыстаецца пастух.

Я чуў, як сам казаў “речистый”:
“Я мову не люблю сваю.
Ліш толька нацыаналісты
Яё чытают і пают”.

“Я, - кажа, - прэзідэнт народный”,
кусаючы свой доўгі вус.
“І я яму ведзь бацька родный.
Я – самый вумный беларус”.

Ён гонару занадта мае.
І тут што хочаш напішы,
Але Мудзішчаў атрымае
Адзіны чын: “Манкурт-башы”.

“Дацацкаешся ты, Францішак!” –
Лука мне раптам прыгразіў
І ў момант крымінальны вышук
Па ўсёй краіне аб’явіў.

Загад аб’яўлены паўсюдна,
Знайсці свавольніка, схапіць,
Не патаемна, а прылюдна
Судзіць, а потым пасадзіць.

Сказаў, як пальцам тыкнуў у неба,
Як Лысагорскага шукаць?
Для гэтага, прынамсі, трэба
Партрэт ягоны апісаць.

Але ж Лука мяне ня бачыў.
Маіх паэм ён не чытаў.
Інакш бы гэткую задачу
Ён дэтэктывам не даваў.

Скажу табе. Мудзішчаў, - хваце!
Паменьш спіну сваю ты гні.
За мною не табе ганяцца.
Лепш ты інфляцыю спыні.

Мяне ж яшчэ з ЦК шукалі,
Каб за свавольства пакараць.
Ды самі ўсе даўно прапалі,
Бо немагчыма здань дагнаць.

Тваіх пагроз я не баюся,
Мне паграджаюць цэлы век.
Я і на грошы не куплюся,
Бо не такі я чалавек.

Навошта мне цябе баяцца?
Не, не кіруе мною страх.
Заўсёды я прывык зьяўляцца,
Дзе “плямы белыя” у радках.

Ды надакучыла, прызнацца,
Інкогніта жыць між людзей.
Рашыў патроху раскрывацца
Ваш Лысагорскі-дабрадзей.

Я – Лысагорскі, ды ня лысы.
А ростам за Луку вышэй.
Я – увесь сівы, не белабрысы.
Вусы мае крыху даўжэй.

І голас я ня сіплы маю
(Тут перавага за Лукой).
А што яшчэ дадаць – ня знаю.
Ну што ж, ганяйцеся за мной!

Яшчэ люблю я сваю мову,
Маю Радзіму-Беларусь.
Мудзішчаву ж маё тут слова:
Твая дарога – у хлеў.
Аюсь!